Unlimited Powerpoint templates, graphics, videos & courses! Unlimited asset downloads! From $16.50/m
Advertisement
  1. Business
  2. Business Plans
Business

25+ рэсурсаў для запуску бізнесу фрыланс-фатаграфіі

by
Length:LongLanguages:

Belarusian (беларуская мова) translation by Olya Misuragina (you can also view the original English article)

Шмат людзей хочуць стаць фатографамі. А чаму б і не? Здымаць - вясёлы і хвалюючы занятак.

Хоць у рэальнасці не настолькі гламурны. Паводле справаздачы Бюро працоўнай статыстыкі ЗША, "Больш за палову фатографаў працуюць самі на сябе, і гэты працэнт намнога вышэй, чым у іншых сферах занятасці". І там жа: "Фатографы, якія атрымліваюць зарплату (а большасць з іх працуе поўны дзень), зарабляюць больш, чым тыя, хто працуе на сябе".

Сцісла, у гэтым бізнесе няма багацця працоўных месцаў, а таксама - высокіх заробкаў для тых, хто не працуе па найму. Не занадта прыемная карціна.

Бюро працоўнай статыстыкі працягвае бурчэць: "Большасць фатографаў праводзіць толькі малую частку працоўнага часу, робячы фатаграфіі. Часцей за ўсё яны занятыя карэкцыяй здымкаў на кампутары, калі яны выкарыстоўваюць лічбавую камеру, і знаходзяцца ў пошуку новых заказаў, калі яны працуюць на сябе".

Тым не менш, тое ж самае можна сказаць і пра музычны бізнес. Але людзі ўсё ж бяруць гітары і пачынаюць граць. Тое ж самае і з тэатральным мастацтвам. Нялёгка прабіцца на сцэну ці на экран, але дзесьці зараз праходзіць праслухоўванне, якое прываблівае акцёраў у надзеі прайсці яго.

Добра, я паводзіла сябе, як вашыя бацькі, кажучы: "Цяжка гэтым зарабіць на жыццё, але я ведаю, што ты хочаш гэтага!" А цяпер давайце прыступім да працы, каб дапамагчы вам атрымаць поспех у бізнесе фатаграфіі.

Як адкрыць паспяховы бізнес у галіне фатаграфіі

Як было паказана вышэй, вы будзеце праводзіць шмат працоўнага часу не з камерай. Каб атрымаць поспех у якасці фатографа, вам патрэбны першакласны набор бізнес-навыкаў.

У якасці дапаможнага матэрыялу, зайдзіце на сайт Джона Харынгтана - фатографа з Вашынгтона, які дзясяткі гадоў працаваў у гэтым бізнесе на поўную стаўку. І ён вельмі добры прафесіянал.

Так, пацешна любавацца фатаграфіямі прэзідэнта Абамы ў яго партфоліо, але я настойваю, каб вы зазірнулі ў яго блог "Навіны бізнесу фатаграфіі + форум". Харынгтан - не гіперактыўны блогер, які выкладвае артыкулы кожны дзень, але ён прапануе доўгія і прадуманыя эсэ на тэмы кантрактаў, правоў фатографа на здымку ў грамадскіх месцах, аўтарскіх правоў і навыкаў у бізнесе.

У дадатак да запісаў у блогу, Харынгтан таксама з'яўляецца аўтарам высока ацэненай кнігі "Лепшыя бізнес-практыкі для фатографаў". Яна распавядае пра паспяховае ўзаемадзеянне з кліентамі, пра навыкі вядзення перамоваў, прапануе прыклады працоўных прапаноў і кантрактаў і дзеліцца поглядам на штодзённы працоўны працэс у бізнесе прафесійнай фатаграфіі.

Яшчэ ёсць Селіна - імя, вядомае ў сферы фатаграфіі. Калі вы глядзіце на бізнес у фатаграфіі як на духоўную прыгоду, вам спадабаецца яе падыход, апісаны як "сінэргія духу, душы, майстэрства і поту".

Хочаце ў дадатак да сінэргетычнай уласцівасці Селін трохі інфармацыі з вуліцы? Прачытайце даведнік Дэна Гелера па бізнесе ў фатаграфіі.

Кантракты ў галіне прафесійнай фатаграфіі і іншыя юрыдычныя дакументы

Хоць мы і хочам здымаць тое, што мы хочам і калі хочам, рэальны свет працуе па-іншаму. Адна з лепшых крыніц па юрыдычным праве, якое прымяняецца да фатаграфіі, была створана фатографам-юрыстам. Гэта Кэралін Райт, і яе сайт Photo Attorney абавязкова трэба дадаць у закладкі.

Калі вы гатовыя пачаць працаваць з кліентамі, не працуйце без кантракту. Ніколі. Пераканайцеся, што памятаеце пра 10 вырашальных пунктаў для напісання моцных кантрактаў па фатаграфіі. Гэты кароткі і лёгкі для разумення ўрок з'яўляецца часткай серыі "Бізнес у сферы фатаграфіі" ад Envato's Phototuts +.

Вам патрэбныя гатовыя шаблоны кантрактаў па фотабізнесу? Паглядзіце кнігу Тэда Кроўфарда "Афіцыйныя дакументы і юрыдычныя формы для фатографаў". У ёй прапануецца 34 папулярных формы і інструкцыі па іх ужыванні. Усе яны ёсць на дыску, які прадаецца разам з кнігай.

Не купляй - бяры ў арэнду

Калі вы падобныя да іншых новых прафесійных фатографаў, вам не трываецца займець першакласнае абсталяванне. І вы пачынаеце даследаваць, колькі яно каштуе. Ох! Дорага.

Што ж рабіць небагатаму пачаткоўцу-фатографу? У двух словах, браць у арэнду.

Калі вы зойдзеце на сайт BorrowLenses.com, за пару сотняў даляраў вы зможаце ўзяць у арэнду Canon 5D або Nikon D3 на пару тыдняў. Паспрабуйце, перш чым купляць іх! І калі вам пасыплюцца доўгачаканыя заказы, тады вы зможаце дазволіць сабе купіць абсталяванне сваёй мары.

Тая ж парада выкарыстоўваецца і ў дачыненні да студыйнай прасторы. Яе таксама можна арандаваць. Каб даведацца, хто здае ў арэнду студыю ў вашым горадзе, прасцей за ўсё патэлефанаваць іншым прафесійным фатографам і спытаць іх. У рэшце рэшт, студыя, яркой ніхто не карыстаецца, таксама каштуе грошай.

Гэтая парада таксама падыдзе вам, калі вы набудзеце сваю ўласную студыю. Выкарыстоўвайце яе як яшчэ адзін сродак даходу.

Як прадаваць свае фатаграфіі 

Пошук кліентаў стане вашай бясконцай гонкай, і таму вам трэба навастрыць некаторыя навыкі ў маркетынгу і продажах. Знайдзіце ў браўзэры сайт Burns Auto Parts, які пазіцыянуе сябе як "няпрошанае дзецішча Леслі Бернза". Бернз - кансультант па творчым маркетынгу і адвакат у сферы інтэлектуальнай уласнасці з Сан Дыега. Ён піша, кажа і вядзе блог на тэму прасоўвання сваіх работ.

Калі б існавала ўзнагарода за самую незвычайную назву кнігі, Леслі Бернз лёгка перамог бы з кнігай пад назвай "Раскажыце свету, што вы не няўдачнік: сучасны маркетынг для камерцыйных фатографаў". Лепшая думка з кнігі: вы можаце думаць, што ніколі не будзеце здымаць для такіх кампаній як "Nike", "The New York Times Magazine" ці "Apple". Таму вы нават не спрабуеце з імі звязацца. Навошта пазбаўляць іх магчымасці працаваць з вамі? Калі вы саромеецеся звярнуцца да кліентаў сваёй мары, у вас ніколі не будзе з імі агульных спраў.

Можа, вы хочаце кнігу пра бізнес у сферы фатаграфіі з больш сур’ёзнай назвай? Бернз пра гэта паклапаваўся. "Асновы бізнесу для паспяховага камерцыйнага фатографа" прапануе матэрыялы, якія складана знайсці, такія як узоры тэкстаў для халодных званкоў патэнцыйным кліентам, шаблоны для ацэнкі кошту работ і інвойсаў, апытальнік для таго чароўнага дня, калі ваш тэлефон зазвоніць, і гэта будзе нехта, жадаючы ўзяць вас на працу.

Кнігі Бернза вельмі добрыя для таго, каб распавесці аб асновах маркетынгу і продажаў у сферы фатаграфіі, але адточваць гэтыя навыкі вы будзеце на людзях. Давайце прадставім вас некаторым сапраўдным, жывым пакупнікам.

Калі вам патрэбныя заказы ад рэкламных агенцтваў, выдаўцоў кніг і часопісаў і галоўных карпарацый, завядзіце акаунт на Agency Access. Нядаўна яны набылі AdBase, і зараз у іх самая вялікая ў свеце база кантактаў для творчых фрылансераў. Вы можаце пратэставаць Agency Access, атрымаўшы даромны трохдзённы доступ.

Калі вы былі ў даведачным аддзеле адной з публічных бібліятэк у ЗША, магчыма, вы знаёмыя са штогадовым даведнікам "Рынак фатографа". Добрая навіна ў тым, што вам не трэба пакідаць сваю студыю, каб атрымаць доступ да гэтага каштоўнага інструменту. Проста зайдзіце на сайт Artist's Market Online і падпішыцеся на бясплатны сямідзённы доступ.

Яшчэ адзін добры рэсурс, які заснаваны на падпісцы, называецца Mastheads.org. Там можна знайсці імя фотарэдактара, які працуе ў часопісе, для якога вы заўсёды хацелі здымаць.

А можа, вы аддаеце перавагу таму, каб пазбегнуць пошуку кліентаў для працы? Сардэчна запрашаем у свет стокавай фатаграфіі, дзе вы можаце зарабіць на ўжо маючыхся ў вас фатаграфіях. Рон Энг дапаможа вам вывучыць бізнес стокавай фатаграфіі. Ветэран прафесіі, ён вядзе свой бізнес стокавай фатаграфіі са сваёй фермы ў сельскім Вісконсіне. Гэта для таго, каб паказаць вам, што не трэба быць у Вялікім Горадзе, каб атрымаць поспех у бізнэсе ў сферы фатаграфіі.

У дадатак да працы з заказамі і продажу стокавай фатаграфіі, ёсць яшчэ мастацкая фатаграфія. Гэта тое, што вы бачыце на сценах у мастацкай галерэі.

Калі вы ўсё жыццё імкнуліся ствараць мастацкія фатаграфіі, вам усё роўна трэба ўспрымаць гэта як бізнес. Звярніце ўвагу на Трэнінг па мастацкай кар'еры. Яго мэта - "дапамагчы вам жыць лепш, ствараючы мастацкія работы", і ён прапануе серыі курсаў для пачаткоўцаў і дасведчаных фатографаў.

Вам патрэбная дапамога, каб вашы работы патрапілі ў вядучыя галерэі? Тады запішыцеся на кансультацыю да Мэры Вірджыніі Свонсан, сусветна прызнанага фатографа і рэдактара. Яна ведае ўсіх значных людзей у свеце мастацкай фатаграфіі.

Ваша партфоліо па фатаграфіі 

Усё роўна, з якімі пакупнікамі вы будзеце мець справу. Яны захочуць убачыць ваша партфоліо. Магчыма, у вас, як у большасці фатографаў, дастаткова работ, якія можна ўключыць у партфоліо, але пакупнікі - занятыя людзі. У іх ёсць час праглядаць толькі самыя лепшыя работы.

У свеце фатаграфіі слова "партфоліо" можа азначаць дзве рэчы: саму кнігу, якую вы прыносіце на сустрэчу з артдырэктарам рэкламнага агенцтва або фотарэдактарам у часопісе, ці прыклады работ на вашым сайце ці блогу.

Каб дапамагчы вам стварыць і адрэдагаваць анлайн- і друкаванае партфоліо, я раю блог з унікальнай назвай "No Plastic Sleeves". Вы таксама можаце прачытаць кнігу з такой самай назвай. PSTuts + прапануе кароткі, лёгкі для выканання ўрок "10 крокаў да стварэння партфоліо па фатаграфіі, якім вы будзеце ганарыцца".

У большасці выпадкаў пакупнікі папросяць у вас спасылку на сайт, каб прагледзець ваша анлайн-партфоліо. Некаторыя таксама захочуць убачыць друкаваную версію вашага партфоліо, якую часта называюць кнігай.

Калі гэта здарыцца, устаньце, пакланіцеся і папляскайце сабе. Пакупнік, які захоча ўбачыць вашу кнігу, вельмі зацікаўлены вашымі работамі.

Таму займіцеся стварэннем друкаванага партфоліо. У першую чаргу, замоўце копію выдання "Выдайце сваю фотакнігу". Там ёсць добрая секцыя пра самастойнае выданне кнігі. Далей стварыце дармовы рахунак на Blurb.com, загрузіце дармовую праграму BookSmart і пачніце ствараць макет сваёй кнігі па фатаграфіі.

Добра, мы пагаварылі пра друкаваныя партфоліо. Зараз давайце разгледзім іх электронныя версіі. Многія фатографы ставяцца да іх як да сайта або блога. Гэта азначае, што ў іх ёсць сайт з анлайн-партфоліо, які паказвае іх лепшыя работы. У дадатак да сайта, у іх ёсць блог, які апісвае нядаўна скончаныя заказныя работы, асабістыя праекты або ўсё, на што яны накіроўваюць камеру.

Што тычыцца сайтаў, большасць фатографаў хутчэй стане здымаць няветлівых львоў і брудных алігатараў, чым будзе мець справу з капрызамі HTML і CSS. Для іх існуюць сэрвісы пад ключ, такія як PhotoShelter і LiveBooks. Абодва гэтыя сэрвісы прапануюць шаблоны сайтаў, якія можна стварыць анлайн.

Ёсць і фатографы з падрыхтоўкай у сферы вэб-распрацоўкі. Сярод нас, кампутарнікаў, існуе даволі няшмат тых, хто бегае з камерамі, і артыкул Phototuts + "Як стварыць сайт па фатаграфіі з дапамогай WordPress" - гэта наш спосаб добра правесці час. Калі вы - фатограф, якому падабаецца WordPress і які неабыякавы да аднаго з тых класных фотаслайдшоў, паспрабуйце плагін NextGEN Gallery. Вы можаце выкарыстоўваць яго для стварэння як адной, так і дзясяткаў галерэй!

Зараз давайце пагаворым пра ваш блог. Калі вы ніколі раней не стваралі Фотаблог, у Phototuts + ёсць урок у двух частках "Кіраўніцтва для пачаткоўцаў па тым, як стварыць фотаблог". Вось часткі адзін і два.

Саветы і тэхнікі ў фатаграфіі 

Нішто так не захапляе фатографаў, як новае абсталяванне. А што рабіць пасля таго, як вы вызвалілі гэтыя тавары з скрынкі, у якой яны прыйшлі? Як іх выкарыстоўваць? Калі ў вас ёсць канкрэтнае пытанне, далучайцеся да форуму па фатаграфіі Photo.net і задайце сваё пытанне там.

Калі вам трэба нешта большае, чым проста даведнік, і нешта больш лёгкае для разумення, чым ваша кіраўніцтва для ўладальніка камеры, наведайце наступныя сайты: 

  1. Ken Rockwell.com прапануе водгукі і інструкцыі для многіх папулярных брэндаў, уключаючы Canon, Leica, Nikon, Pentax і Sony.
  2. Калі вы карыстаецеся Nikon, вам спадабаецца сайт Тома Хогана Nikon Field Guide.

Хочаце даведацца пра асвятленне ў фатаграфіі? Накіроўвайцеся да папулярнага блогу Дэвіда Хобі Strobist.

Калі вам надакучыла глядзець на экран кампутара і вы хочаце палепшыць свае навыкі ў фатаграфіі з іншымі людзьмі, вам пашанцавала.

Адпраўляйцеся на сайт Meetup.com і ўвядзіце ў пошук слова "фатаграфія" і назву свайго горада. Вялікія шанцы, што вы знойдзеце хаця б адну групу з прыязнымі, карыснымі людзьмі, якім таксама цікава палепшыць свае веды ў фатаграфіі.

У групах на meetup.com ёсць фатографы-аматары і прафесіяналы, што можа вам спадабацца, а можа і не. (Некаторыя прафесіяналы аддаюць перавагу не змешвацца з аматарамі.)

Калі вы зацікаўленыя ў паляпшэнні канкрэтнага аспекту сваёй працы, скажам, вясельнай або прыроднай фатаграфіі, замест наведвання штомесячнай сустрэчы, вы можаце запісацца на майстар-клас. На сайце Art-Support.com ёсць поўны спіс майстар-класаў у ЗША і іншых краінах.

Майстар-класы па фатаграфіі, каб пазабаўляцца і для даходу 

Верагодна, неўзабаве пасля таго як вы станеце фатографам, людзі пачнуць цікавіцца вашымі майстар-класамі. Магчыма, вы і самі наведвалі некаторыя з іх.

У некаторых колах лічыцца, што майстар-класы даюць фатографы, чыя прафесійная кар'ера пайшла на спад. Тым не менш, многія прафесіяналы не звяртаюць увагу на гэта кляймо і бачаць у майстар-класах магчымасць зарабіць. І яны іх прапаноўваюць. Хочаце прапанаваць свой уласны майстар-клас па фатаграфіі? Вось артыкул пра тое, з чаго пачаць: "Як зарабляць на майстар-класах па фатаграфіі".

Навіны і трэнды ў прафесійнай фатаграфіі 

Як любому прафесіяналу, вам варта сачыць за апошнімі навінамі і трэндамі ў бізнесе фатаграфіі. Дадайце ў закладкі наступныя сайты:

  1. Блог Black Star Rising распавядае пра мастацтва і бізнес ў галіне фатаграфіі. Ён напісаны фатографамі для фатографаў.
  2. Common Cents разглядае "добрыя, дрэнныя, злыя" бакі працы з выдавецтвамі і іншымі кліентамі. І вы можаце прапанаваць свае ўласныя гісторыі.
  3. Photo District News называе сябе "вядучым часопісам па фатаграфіі". Дастаткова сказаць, што, калі ён згадае ваша імя, гэта будзе ваш зорны час.

Арганізацыі для прафесійных фатографаў 

Да таго як вы пачнеце ўнікаць у наступны спіс, давайце растлумачым, навошта існуюць арганізацыі для прафесійных фатографаў: яны не будуць для вас асноўнай крыніцай кліентаў. Іх мэта не ў гэтым. Тое, што вы атрымаеце, далучыўшыся да іх, - гэта супольнасць іншых фатографаў. Гэта супольнасць дапаможа вам расці як мастаку і бізнесмену.

  1. Фотамастакі Амерыкі (ЗША) 
  2. Амерыканскае грамадства медыя-фатографаў (ЗША) 
  3. Камерцыйныя і медыя-фатографы Аўстраліі 
  4. Брытанская асацыяцыя фотакарэспандэнтаў (Вялікабрытанія) 
  5. Рэдакцыйныя фатографы (міжнародная арганізацыя) 
  6. Грамадства івэнт-фатографаў (Вялікабрытанія) 
  7. Федэрацыя еўрапейскіх фатографаў (21 краіна) 
  8. Нацыянальная асацыяцыя фотакарэспандэнтаў (міжнародная арганізацыя) 
  9. Прафесійныя фатографы Амерыкі (ЗША) 
  10. Прафесійныя фатографы Канады 
  11. Грамадства адукацыі ў фатаграфіі (ЗША) 
  12. Грамадства спартыўных і івэнт-фатографаў (ЗША) 

Увага: некалькі разоў на месяц мы пераглядаем некаторыя любімыя пасты нашых чытачоў за ўсю гісторыю FreelanceSwitch. Гэты артыкул быў упершыню апублікаваны 21 снежня 2011 года, і па сённяшні дзень ён настолькі ж актуальны і поўны карыснай інфармацыі.

Advertisement
Advertisement
Looking for something to help kick start your next project?
Envato Market has a range of items for sale to help get you started.